НАВУХАДАНО́САР II, Набу-кудуры-уцур,
цар Новававілонскага царства [605—562 да н.э.]. Сын Набапаласара. Пасля перамогі ў 605 да н.э. над егіп. войскам каля Кархемыша падпарадкаваў Сірыю і Палесціну. У 599 да н.э. рэарганізаваў армію, у 598 да н.э. здзейсніў паход у Паўн. Аравію. У 586 да н.э. захапіў Іерусалім. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю, вял. частку яе насельніцтва перасяліў у Вавілонію. У 575 да н.э. захапіў Тыр, чым завяршыў падпарадкаванне Вавілону Усх. Міжземнамор’я. Праўленне Н.II адзначана эканам. і культ. росквітам Вавілона. Пры ім ўзведзены шматлікія культавыя і грамадскія збудаванні, у т. л. вежы храма Эсагіла і славутыя вісячыя сады («сады Семіраміды»).
Літ.:
Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический М., 1971;
Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: Легенда и история: Пер. с нем. М., 1991.
Я.У.Новікаў.
т. 11, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)